— Восень едзе. Свята ў нас.
Адчыняйце дзверы.
А які вязе багаж?
Д з е ц і:
Зараз мы праверым.
В о с е н ь:
Раскажу я вам сама.
Часу мала страчу.
Вельмі доўгая зіма —
Шмат патрэбна харчу.
Д з е ц і:
Што прывезла, раскажы.
В о с е н ь:
Я прывезла вам мукі.
Будуць булкі, праснакі,
I кулеш, і калачы,
Пірагі і кулічы.
Д з е ц і:
Што яшчэ ёсць, пакажы?
В о с е н ь:
Ёсць капуста, агуркі,
Бульба, морква, буракі.
Д з е ц і:
Што яшчэ, спытаць дазволь?
В о с е н ь:
Гарбузы, часнок, фасоль,
Многа бобу і гароху
I сяго-таго патроху.
Д з е ц і:
Шчыры дзякуй наш прымі,
Восень-працаўніца.
Мы павінны да зямлі
Табе пакланіцца.
Ты — багатая. I мы
Блаславім прыход зімы.
В о с е н ь:
Лепей вы мяне, сябры,
Песнямі пацешце
I усе мае дары
З апетытам ешце.
Н. Галіноўская